Суд Партызанскага раёна Мінска 7 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт друкаванага выдання «Аўтадайджэст», вынікае з абноўленага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі.
Знаёмая з сітуацыяй у выданні крыніца паведаміла «Позірку», што рэдакцыя працуе ў звычайным рэжыме. Пра ўключэнне газеты ў «экстрэмісцкі спіс» ёй стала вядома толькі 12 сакавіка.
«У рэдакцыі пра гэта не ведалі на працягу пяці дзён, газета распаўсюджвалася, сайт абнаўляўся», – сказала крыніца.
Ва ўладаў, адзначыў суразмоўца, не было пытанняў да працы рэдакцыі. Разам з тым, паводле яго інфармацыі, незадоўга да адзінага дня галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы (мінуў 25 лютага), «прыкладна 16 лютага», галоўны рэдактар і заснавальнік «Аўтадайджэсту» Анатоль Шаўчэнка быў затрыманы і пасля арыштаваны на 12 сутак – «нібыта за хуліганства».
«Аўтадайджэст» – аўтамабільнае інфармацыйна-рэкламнае выданне, выходзіць раз на месяц, наклад 10.000 асобнікаў. Апошні наклад быў выдадзены 28 лютага. Паводле звестак «Позірку», ён ужо цалкам разышоўся.
Газетa выдаецца са снежня 1996 года. З 2004 года «Аўтадайджэст» праводзіць штогадовую рэспубліканскую акцыю «Спартсмены – за бяспеку дарожнага руху».
аз