Беларуская Служба

Цэны ў Беларусі з пачатку дзевяностых выраслі ў 100 мільёнаў разоў

15.03.2024 13:35
Нацыянальны статыстычны камітэт абнавіў індэкс спажывецкіх коштаў у параўнанні са снежнем 1990 года.
Ілюстрацыйны здымакObraz Alexandra_Koch z Pixabay/CC0

Як вынікае з дадзеных Белстата, індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ) у лютым 2024 года ў параўнанні са снежнем 1990 года склаў 10,52 мільярдаў працэнтаў. Такім чынам, узровень коштаў за гэты час вырас у 100 мільёнаў разоў. Адзнаку ў 10 мільярдаў працэнтаў ІСЦ перавысіў упершыню.

Белстат таксама разлічвае індэкс спажывецкіх цэн у адносінах да снежня 2010 года. У гэтым выпадку ІСЦ склаў «сціплыя» 706,84%, то бок кошты выраслі ў сем разоў.

Нагадаем, у лютым 2024 года індэкс спажывецкіх цэн за месяц вырас на 0, 9%. У параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года ён павялічыўся на 5,6%.

Сёння на сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка пахваліўся эканамічнымі поспехамі краіны. Паводле яго слоў, за тры дзесяцігоддзі грашовыя даходы насельніцтва выраслі больш як у дзевяць разоў (у параўнанні з сярэдзінай 1990-х гг.), а заработная плата - у 12 разоў.

Крыніца: Лента новостей Reform.by