Праз электронны аўкцыён «БелЮрЗабеспячэнне» паўторна выставілі на продаж нерухомасць Валерыя Цапкала – трохпакаёвую кватэру з машына-месцам у Мінску. Пачатковую цану маёмасці знізілі больш чым на 71 тысячу рублёў. Аўкцыён прызначылі на 9 красавіка, паведамляе Зеркало.
Трохпакаёвая кватэра, па якой даўжніком лічыцца Цапкала Валеры, знаходзіцца ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага. Агульная плошча жылля – 103,7 м2. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек.
Адзначаны наступныя абцяжаранні: арышт следчых органаў, забарона рэгістрацыйных дзеянняў рэгіструючага органа, судовага выканаўцы.
«Зеркало» нагадвае, што першы раз трохпакаёвую кватэру, якая належыць Валерыю Цапкалу, выстаўлялі на аўкцыён 12 лютага. Аднак не было жадаючых яе купіць.
Жонка Валерыя Цапкала Вераніка адзначала раней, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і іх непаўналетнім дзецям. На яе думку, рашэннем выставіць на таргі нерухомасць парушаецца ў тым ліку Канстытуцыя. Жанчына заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне ў сувязі з продажу нерухомасці.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі з-за таго, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да абʼяднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, баючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі зʼехала і Вераніка. Сямʼя Цапкала асела ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна прыгаварылі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
ав/Зеркало