Беларуская Служба

З нагоды 106-й гадавіны Рады БНР прызнаныя ўзнагароджанні за заслугі перад беларускім народам

25.03.2024 15:36
Упершыню з 1950 году здзейснена ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні, з наданнем адзнакі Крыжа Ордэну Пагоні.
Аўдыё

. .

У 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала дэкрэты аб узнагароджаннях за заслугі перад беларускім народам.

Упершыню з 1950 году здзейснена ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні, з наданнем адзнакі Крыжа Ордэну Пагоні. Імі адзначаныя палітык Зянон Пазняк – за найважнейшы ўнёсак у здабыццё незалежнасці Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, абарону дэмакратыі, праваабаронца Алесь Бяляцкі – за выбітныя заслугі маральна-грамадскага лідарства нацыянальнага маштабу па абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасці Беларусі ў варунках асабістае небяспекі, а таксама два палітычныя зняволеныя, чые імёны пакуль не апублічваюцца з меркаванняў асабістай бяспекі. Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца.

Медалём Ордэну Пагоні адзначаныя ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне «Волат» з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасць, дырэктар «Беларускага дому» ў Варшаве Алесь Зарамбюк, намеснік камандзіра палку імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковаю адзнакаю), куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч, камандзір палку імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў (дадатковай вайсковаю адзнакаю), дзеяч Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага Дабрачыннага Фонду Сяргей Пяткевіч, удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч, сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая, а таксама брытанскі навуковец Алан Фляўэрс і грамадскі актывіст, які шмат зрабіў у справе дабрачыннасці, медык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю Медалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 класаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк, заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкай Фундацыі «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк і паэт Андрэй Хадановіч.

Закрытым дэкрэтам старшыня Рады БНР узнагародзіла Медалём за Баявыя Заслугі трох афіцэраў і чатырнаццаць байцоў Палку імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і адзінаццаць байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай десантна-штурмавой роты «Беларусь» у складзе аднае з брыгадаў Збройных сілаў Украіны.

Аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму Медалём Ордэну Пагоні, нададзеная дадатковая вайсковая адзнака.

ав/Рада БНР

Дзень Волі 2024. Свята з палітвязнямі на першым плане (ФОТА)

24.03.2024 19:31
У нядзелю ў Варшаве прайшоў марш і музычная праграма з нагоды 106-х угодак БНР.