Беларуская Служба

У СБУ прызналі датычнасць Украіны да пашкоджання расійскага самалёта ў Мачулішчах

26.03.2024 08:48
Кіраўнік СБУ дадаў, што для дыверсіі выкарысталі два дроны.
Мачулішчы на карце Google

Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк заявіў, што расійскі самалёт А-50, які знаходзіўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, пашкодзілі ў выніку дыверсійнай аперацыі Службы бяспекі Украіны, перадае Радыё Свабода.

«У Беларусі спрацавалі на аэрадроме Мачулішчы. А-50 – расійскі варожы самалёт, які ажыццяўляў глыбокую радыёлакацыю па тэрыторыі Украіны. Яго адпаведна дыверсійна адпрацавалі і пашкодзілі радыёлакацыйную сістэму і (якую) вывелі абсалютна назаўжды з ладу», – сказаў Васіль Малюк у інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу ICTV.

«А-50, летась, Мачулішы, Беларусь. Хірургічна спрацавалі па антэне. Аператыўны склад на сваім слэнгу патэльняй яе называў. Два адпаведныя нашыя ўдарныя дроны, яны нанеслі паспяховае агнявое паражэнне», – дадаў Васіль Малюк.

26 лютага 2023 году ў гарадскім пасёлку Мачулішчы пад Мінскам адбылася дыверсія. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расійскі самалёт далёкай выведкі А-50.

Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазней прызналі і правялі антыдыверсійную аперацыю.

Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазней адпусцілі. Пад пераслед трапілі тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасля 2020 году. Па словах супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманні прайшлі сярод псіхатэрапеўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў.

3 сакавіка КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл.

Вядомыя імёны 8 затрыманых і яшчэ некалькіх падазраваных, якія знаходзяцца за мяжой. А таксама прысуд аднаму з фігурантаў – 10 гадоў калоніі. Пасля дыверсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстанне дронаў.

ав/Радыё Свабода

Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах па ўсёй Беларусі адбываюцца аблавы і ператрусы

05.03.2023 17:44
У суботу і нядзелю супрацоўнікі КДБ ладзяць аблавы і хапуны ў Мінскім раёне.

Лукашэнка пацвердзіў інцыдэнт у Мачулішчах

07.03.2023 14:15
На цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў тое, што адбылося ў Мачулішчах. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.