Беларуская Служба

У Беларусі 7 новых палітвязняў

28.03.2024 12:20
Гэта Алег Дзегцярэнка, Аляксандр Марчанка, Наталля Гаўрон, Алена Тоцкая, Алёна Дземянчук, Алеся Сяргеенка, Юлія Краўцова.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/viasna96

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі выступілі з заявай, у якой гаворыцца, што зняволенне пад варту і далейшае пазбаўленне волі за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай дзейнасці, салідарнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

З 2021 года Крымінальнае заканадаўства стала больш жорсткім у Беларусі ды дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў, а таксама за падтрымку гэтых субʼектаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.

Так, Алег Дзегцярэнка асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 361-1 і 290-1 КК паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім і фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці да васьмі гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандр Марчанка ўзяты пад варту паводле арт. 361-1, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні;

Наталля Гаўрон, Алена Тоцкая, Алёна Дземянчук, Алеся Сяргеенка, Юлія Краўцова ўзятыя пад варту паводле арт. 361-2 КК, іх абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці ў выніку шырокамаштабных затрыманняў падчас пераследу ўладамі за падтрымку палітвязняў ды іх семʼяў сацыяльным праектам прадуктовай дапамогі INeedHelpBy.

Праваабаронцы прызналі названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» і запатрабавалі ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Алега Дзегцярэнку, Аляксандра Марчанку, Наталлю Гаўрон, Алену Тоцкую, Алёну Дземянчук, Алесю Сяргеенку, Юлію Краўцову. Апроч таго праваабаронцы дамагаюцца неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр«Вясна», Lawtrend, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Крыніца: ПЦ «Вясна»