Звестак пра справу Валерыі Івановай у адкрытых крыніцах няма: вядома толькі, што 6 снежня мінулага года яе судзілі за абразу прадстаўніка ўлады ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебска, і што сёлета 1 сакавіка Віцебскі абласны суд разбіраў яе апеляцыйную скаргу.
Выглядае, што там падтрымалі рашэнне суда першай інстанцыі: у «экстрэмісцкі спіс» людзей звычайна дадаюць пасля таго, як прысуд уступіў у законную сілу.
У спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, унесена таксама і прозвішча жыхара Лёзна Уладзіміра Лісіцы - былога «афганца» асуджанага па артыкуле 369 КК таксама ў снежні мінулага года. Спадар Лісіца мае адбыць тры гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама сплаціць 7400 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам – Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь А. Шведу і дэпутату Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў І. Мядзведскаму – па 3000 рублёў кожнаму.
Уладзімір Лісіца нарадзіўся ва Украіне, у Сумскай вобласці, і замест аватаркі на ягонай старонцы ў «Одноклассниках» - украінскі сцяг. Па заяве пракуратуры Лёзненскага раёна рашэннем суда Лёзненскага раёна ад 28.09.2023 г. інфармацыйная прадукцыя - персанальная старонка «Владимир Лисица» ў «Одноклассниках» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Паводле заявы прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці ад 29 лютага 2024 г. Уладзімір Лісіца прызнаны палітычным зняволеным.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск