Пра гэта ў профільных чатах пішуць аўтамабілісты, якія затрымаліся перад літоўска-беларускай мяжой.
Нагадаем, 23 сакавіка на польскай мяжы пачалі разварочваць назад аўто на транзітных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэй за 50 тысяч еўра, перагоншчыкі машын адправіліся на пункты пропуску ў Літву і Латвію.
З 26 сакавіка ў адзіным на мяжы з Беларуссю латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» таксама ўвялі забарону, аналагічную польскай.
Да 29 сакавіка пункты пропуску Літвы заставаліся адзінымі, праз якія аўтамабілі на транзітах маглі патрапіць у Беларусь. З-за гэтага перад мяжой утварыліся вялікія чэргі. У профільных чатах аўтамабілісты паведамлялі, што чарга практычна не рухаецца. На праходжанне мяжы ў людзей, якія ехалі на машынах і не мелі прыярытэту на першачарговы праезд, сыходзіла прыкладна 20-36 гадзін. Таксама прасоўванне затрымлівалася з-за таго, што ў чаргу ўкліньваліся «транзітнікі», якія спяшаліся ў Беларусь, мяркуючы, што літоўскі бок таксама забароніць ім праезд.
29 сакавіка каля 2.00 у тэлеграм-канале «Каменны Лог-Мядзінінкай і Беняконі -Шальчынінкай» паведамілі, што ўсе аўто з маторам 1,9 літра і электракары на транзітах «адставілі ў бок» - іх перасталі прапускаць літоўскія памежнікі.
«На шлагбаўме сказалі перадаць чарзе, каб не заязджалі транзіты, будзе разварот. Стаяць чакаць дазволу. Іншым сказалі аб'язджаць іх», - напісалі раніцай у тэлеграм-канале.
Мяркуючы па паведамленнях, аўтамабілі на транзітных нумарах зараз стаяць перад мяжой, у надзеі, што сітуацыя нармалізуецца, іх аформяць для праезду ў Беларусь.
«Страшная сітуацыя, людзі набылі машыны легальна і не могуць выехаць. Калі ўжо перакрываеце, то папярэдзіце загадзя. Я думаю, у транзіту адзін шлях зараз - праз якую-небудзь Малдавію і паромам дадому», - адрэагаваў на забарону ўдзельнік чата.
Усе тры краіны не паведамілі афіцыйна аб прычыне, з якой забаронена прапускаць аўто ў Беларусь.
Раней беларуская мытня заявіла, што чула пра новаўвядзенне з боку Польшчы і Латвіі, але афіцыйных апавяшчэнняў у ведамстве не атрымлівалі.
У латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» раней адзначалі, што абмежаванні звязаны з санкцыямі на ўзроўні ЕС. Па дадзеных расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕС, з якіх у Беларусь трапляе больш за ўсё аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы - амаль да 1,5 млрд еўра, а ў мінулым годзе перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на дадзеныя Еўрастата.
Больш за ўсё аўтамабіляў у Беларусь прадаюць Нямеччына, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага гады з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў долараў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі, перакананы расследавальнікі.
zerkalo.io/вх