Прыгоды сталіністкі з Віцебска працягваюцца.
Падрабязнасцямі Эльвіра Мірсалімава падзялілася ў сваім Фэйсбуку, напісала «Наша Ніва».
«Першае абвінавачванне, па якім мяне асудзілі (штраф плюс двое сутак у ізалятары, на металічнай шконцы без матраца, з праверкамі ў кайданках за спіной, тварам да сцяны — за «рэабілітацыю нацызму» - далучаныя 3 скрыны:
— за перапост Уладлена Татарскага, дзе рускі воін-вызваліцель стаіць нагамі на сцягу УСУ са свастыкай (допіс, які паказвае на адзінства ўкраінскіх бандэраўцаў і нацызму)
— за гістарычныя фота, дзе людзі з бчб і партрэтам Гітлера сустракаюць фашысцкіх акупантаў (допіс, які паказвае на сувязь бчб і нацызму).
— за перапост, дзе фінскія легіянеры (напярэдадні ўступлення Фінляндыі ў НАТА) ідуць пад сцягам са свастыкай, (допіс, які паказвае на агульнасць Натаўцаў і нацызму).
«Гэта былі антыфашысцкія і антынацысцкія допісы», адзначае сталіністка з Віцебска.
Мірсалімава была таксама асуджана за «адзіночны пікет з бчб». У Фэйсбуку яна патлумачыла, што гэта былі пасты з ілюстрацыямі да яе антыбчб-шных артыкулаў.
Жанчыну аштрафавалі на 2600 рублёў.
Мірсалімаву сёлета ў лютым ужо судзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, за распаўсюд так званай «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі і за «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі».
Эльвіра — адна з вядомых прарасійскіх актывістак. Раней яна казала, што беларусы — гэта рускія, а Сталін — вялікі дзеяч, і прапаноўвала паставіць яму помнік.
яс