Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Жанчыну асудзілі па фота з маршаў, якія захаваліся ў воблаку

03.04.2024 14:03
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што падчас трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезныя часткі і «блакавала і заступала шлях транспартным сродкам».
Здымак мае ілюстрацыйны характарFoto: Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 сакавіка за ўдзел у трох паслявыбарчых Маршах у 2020 годзе да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 49-гадовую бухгалтарку Наталлю Хлызову. Суддзя Юлія Варакса прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што падчас трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезныя часткі і «блакавала і заступала шлях транспартным сродкам».

Наталля на судзе віну прызнала цалкам. Яна распавяла, што сапраўды з іншымі асобамі прымала ўдзел у трох маршах, пра правядзенне якіх дазналася са СМІ і навін. Разумела, што правядзенне гэтых масавых мерапрыемстваў было абумоўлена грамадска-палітычнымі падзеямі ў дзяржаве, аднак «паставілася да свайго ўдзелу ў іх несур'ёзна». Будучы ўдзельніцай масавых мерапрыемстваў, сумесна з іншымі асобамі выходзіла на праезныя часткі дарог у напрамках, зададзеных натоўпам. Падчас удзелу ў акцыях пратэсту міліцыянтаў назірала не заўсёды, аднак дапускае, што яны прысутнічалі ў месцах правядзення такіх мерапрыемстваў. На судзе жанчына не аспрэчвала, што сваім знаходжаннем на праезнай частцы сумесна з іншымі асобамі блакавала рух грамадскага транспарту.

Падчас удзелу ў маршах Наталля рабіла фатаграфіі сябе і мужа, а таксама асоб, якія ўдзельнічалі маршах, на свой тэлефон. Агулам міліцыянты знайшлі сем фотаздымкаў з пратэстаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы. У пратаколах агляду некаторых фота пазначана, што «фатограф размяшчаецца на праезнай частцы дарогі».

З прысуду, які апублікаваны на pravo.by, вынікае, што фота з пратэстаў жанчыны знайшлі на тэлефоне падчас выкліку ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.

Да суда Наталля ўтрымлівалася пад закладам у памеры 8000 рублёў.

Улічваючы, што ў жанчыны на ўтрыманні дзіцё, суд прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняй хіміі).

ав/Вясна