3 ліпеня 2023 года Літва ўзмацніла жорсткасць кантролю на мяжы за перамяшчэннем падсанкцыйных тавараў. Літоўскія мытнікі пачалі патрабаваць ад перавозчыкаў прадастаўлення спецыяльнага дакумента, які выдаецца вытворцам для экспарту і рээкспарту тавараў, а гэта значыць, што вытворца будзе абавязаны ведаць і кантраляваць рух тавару.
Прапанову аб прыняцці тых жа мер 4 ліпеня 2023 г. прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення накіравалі асобным лістом у міністэрствы замежных і ўнутраных спраў Польшчы. Гэтыя прапановы ў далейшым былі перанакіраваныя ў міністэрства фінансаў Польшчы.
11 снежня мінулага года адбылася сустрэча ў Бруселі са спецыяльным пасланнікам ЕС па санкцыях і абмеркаваны санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку праблемы абыходу ўведзеных абмежаванняў і меры па іх вырашэнні. Адначасова такія меры працягнулі ўводзіцца і гарманізавацца на ўзроўні асобных краін.
26 студзеня 2024 года кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі і Эстоніі зацвердзілі пагадненне Балтыйскага рэгіёна аб прымяненні адзіных мер кантролю.
Якія гэта захады? Цяпер, калі груз едзе з Еўропы праз Беларусь і Расію, ён падлягае дадатковаму кантролю і на яго неабходны дадатковыя дакументы:
1. Груз на мяжы з Беларуссю павінен мець «дэкларацыю вытворцы». Гэта значыць, што еўрапейскія мытнікі будуць дадаткова патрабаваць дакумент, выдадзены вытворцам санкцыйнага тавара.
2. Перавозчык павінен даказаць, што груз не застанецца ў Беларусі і Расіі. Пры парушэнні гэтага правіла вытворца і перавозчык будуць падлягаць адказнасці, ажно да крымінальнай.
15 лютага 2024 года была абмеркавана тэма далучэння Польшчы да механізму кантролю за санкцыямі з намеснікам міністрам замежных спраў гэтай краіны, а ўжо 22 сакавіка падчас сустрэчы ў МЗС прадстаўнікі НАУ атрымалі інфармацыю аб далучэнні Польшчы да гэтага механізму. У выніку да мер кантролю санкцый, у якіх удзельнічалі краіны Балтыі, далучылася Польшча.
Можна сказаць, што на мяжы ЕС-Беларусь фактычна ўтварыўся адзіны механізм мытнага кантролю за санкцыямі.
t.me/latushka/вх