З 7 красавіка павесткі ў ваенкамат будуць прыходзіць і за пасярэдніцтвам СМС-паведамленняў - адпаведны закон надоечы падпісаў Аляксандр Лукашэнка. СМС стане аналагам папяровай павесткі падчас мабілізацыі, а ў мірны час - дадатковай формай апавяшчэння.
Акрамя таго, сотавыя аператары будуць абавязаныя прадастаўляць ваенкаматам і КДБ нумары тэлефонаў грамадзян, якія падлягаюць прызыву, і праводзіць СМС-рассылкі па спісах ад ведамстваў. Факту адпраўкі будзе дастаткова, каб паведамленне лічылася юрыдычна дастаўленым адрасату.
Закон «Аб змене законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі» ўтрымлівае яшчэ некалькі важных момантаў, якія датычацца службы ў арміі і мабілізацыі.
Напрыклад, на вайсковы ўлік маладых людзей будуць ставіць не з 16, а з 17 гадоў. За нез'яўленне ў ваенкамат і ўхіленне ад войска мужчынам пагражае не два, а тры гады пазбаўлення свабоды ці «хіміі», альбо штраф, які вырасце ў некалькі разоў.
Ваенкамы таксама атрымаюць права абмяжоўваць выезд з Беларусі грамадзян, якія «парушаюць абавязкі па воінскім уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу». Гэта датычыць не толькі ўхілістаў ад тэрміновай службы і службы ў рэзерве, але і тых, хто не хоча ўдзельнічаць у вайсковых і спецыяльных зборах.
Кантрактнікамі цяпер могуць быць людзі любога ўзросту, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца пад следствам ці адбываюць пакаранне ў калоніі. Рашэнне аб прызыве ў войска гэтай катэгорыі грамадзян будзе прымаць Лукашэнка. І толькі ў выпадку, калі ўзнікне неабходнасць «забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі», паведамляе «Еўрарадыё».
вс