Несуцяшальную статыстыку прыводзіць Галоўнае статыстычнае праўленне Віцебскай вобласці.
За 2023 год на Віцебшчыне зарэгістравана 4112 разводаў на 6249 зарэгістраваных шлюбаў. Пры гэтым гараджане разводзяцца часцей, чым вяскоўцы.
Па колькасці разводаў на 1000 шлюбаў лідзіруюць Аршанскі, Полацкі, Шаркаўшчынскі, Лепельскі і Чашніцкі раёны. Больш за ўсё разводаў прыпадала на перыяды супольнага жыцця ад 1 года да 4 гадоў і ад 5 да 9 гадоў. Доля разводаў да аднаго года сямейнага жыцця склала 3,2%. У 60% сем'яў, якія распаліся ёсць дзеці. Нягледзячы на меры, галоўным чынам матэрыяльныя, якія дзяржава спрабуе прымяняць, усё больш шлюбаў распадаецца з кожным годам.
Нагадаем, аналітыкі кампаніі Petrelli Previtera паставілі Беларусь на 6 месца ў свеце — у рэспубліцы, па дадзеных даследчыкаў, адбываецца 3,7 разводаў на 1 000 чалавек. Сярод фактараў, якія прыводзяць да разводу ў Беларусі, аналітыкі найчасцей вылучаюць праблемы ў сям'і праз ужыванне алкаголю, а таксама жыллёвыя і іншыя побытавыя пытанні.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск