Беларуская Служба

80 тысяч чалавек падпісалі петыцыю за вызваленне Алеся Бяляцкага, які ўжо 1000 дзён знаходзіцца за кратамі

09.04.2024 18:16
Людзі патрабуюць ад уладаў Беларусі вызвалення нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягоных калег-праваабаронцаў і ўсіх палітвязняў.
     .
Плакат на Чарнобыльскім маршы ў Варшаве.Фота: Agnieszka Kamińska

9 красавіка спаўняецца 1000 дзён з моманту затрымання лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага і яго калегаў-праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

Нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights і «Вясна» раней заклікалі падпісаць петыцыю за Вызваленне Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных заняволеных Беларусі.

Мэта кампаніі — сабраць 100 000 подпісаў і перадаць іх у амбасаду Беларусі.

З лістапада 2022 года, ад моманту стварэння петыцыі 81 458 чалавек з усяго свету выказалі сваю падтрымку зняволенаму беларускаму праваабаронцу, ягоным калегам і выступілі за неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў у краіне.

Алеся Бяляцкага і калег арыштавалі 14 ліпеня 2021 года. У 1996 годзе Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна», які сёння можа працаваць толькі з эміграцыі. У 2022 годзе ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з расійскім НДА «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод».

Цяпер у палітычным заняволенні ў Беларусі знаходзяцца каля 1400 чалавек.

svaboda.org/вх