Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме

12.04.2024 13:14
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл заклікала не ўраўноўваць беларусаў і рэжым, а таксама паспрыяць вызваленню палітвязняў.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская стала адным са спікераў на буйным міжнародным форуме ў Грэцыі, які традыцыйна збірае са ўсяго свету ўплывовых лідараў з разнастайных сфераў – палітыкі, бізнесу, тэхналогій, журналістыкі. Падчас мерапрыемства абмяркоўваюцца найбольш актуальныя праблемы для сучаснага грамадства: ад макраэканамічных тэндэнцый да кліматычных змен і IT-інавацый.

Ціханоўская выступіла ў секцыі, якая прысвячалася геапалітычнай сітуацыі ў свеце. Разам з беларускай лідаркай таксама выказаліся міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і журналістка Эн Эплбаўм.

У сваёй прамове Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі – і заклікала свет і міжнародныя арганізацыі прыкласці максімальныя намаганні для вызвалення палітзняволеных. Яна акрэсліла магчымасці прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў – і азначыла крокі, якія могуць быць прынятыя для аслаблення дыктатуры Лукашэнкі.

Таксама Ціханоўская распавяла пра дзейнасць незалежных ініцыятываў і арганізацыяў (у тым ліку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета), і заклікала падтрымаць грамадзянскую супольнасць, незалежныя беларускія медыя.

Асобна Ціханоўская спынілася на стратэгіі Захаду па Беларусі. Яна прапанавала міжнароднай супольнасці адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі («ізаляваць дыктатара, а не людзей»), выдаваць візы і падтрымліваць тых, хто ўцёк ад палітычнага пераследу.

Крыніца: Святлана Ціханоўская