Беларуская Служба

Памёр былы добраахвотнік Палка імя Каліноўскага, у якога быў анкалагічны дыягназ

14.04.2024 10:55
Беларус Аляксандр Царук з пазыўным «Сашко» быў добраахвотнікам палка Каліноўскага. Яму было 56 гадоў.
 .
Аляксандр Царук.Фота: з сацсетак/Радыё Свабода

Вярнуўся з вайны і цяжка захварэў на анкалагічную хваробу. Сябры байца паведамілі, што ўчора ён пайшоў з жыцця.

Аляксандр Царук родам з Пінску, з 1996 году жыў у Магілёве, быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пераехаў у Літву ў снежні 2020-га пасля таго, як агулам адбыў за ўдзел у акцыях больш як 40 сутак за кратамі. Праз удзел у пратэстах Аляксандр Царук страціў працу. Рабіў ён сантэхнікам у адной з будаўнічых арганізацый гораду на падставе дамовы-падраду. Пасля ліста начальніка міліцыі наймальнік папярэдзіў, што з ім афіцыйна працоўных адносін мець не будзе, і прапанаваў працаваць пад чужым імем. Аляксандр з гэтым не пагадзіўся, але застаўся без сродкаў для жыцця, у выніку з'ехаў. У Літве кваліфікаваны слесар-сантэхнік хутка знайшоў працу.

Пасля пачатку вайны ва Украіне паехаў на фронт, але вярнуўся адтуль увесну 2022-га праз праблемы са здароўем. Падчас абследавання летась у 55-гадовага Аляксандра выявілі злаякасную пухліну – карцыному галавы і шыі. Яму зрабілі складаную аперацыю, якая працягвалася дзесяць гадзін.

Аляксандр расказваў, што марыў стварыць рух байскаўтаў для беларускіх дзяцей – у процівагу прапагандзе БРСМ. «Беларускі добраахвотнік і актывіст змагаўся з хваробай так сама мужна, як і з ворагам на фронце. Ён быў спакойным і разважлівым чалавекам, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу», – напісаў сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак, які абвясціў збор на дапамогу ў пахаванні.

Белсат/Радыё Свабода

нг