Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская ў Канадзе сустрэлася са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай

15.04.2024 09:30
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Канадзе, дзе ў яе запланаваныя ў тым ліку сустрэчы з кіраўніцтвам краіны.
C     i
Cтаршыня Рады БНР Івонка Сурвіла i дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская twitter.com/Tsihanouskaya

На сустрэчы 14 красавіка ў Канадзе дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла дамовіліся аб правядзенні рэгулярных сустрэч паміж прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Свой візіт у Канаду я пачала з цёплай сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Мы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і неабходнасць умацавання нашай ідэнтычнасці, мовы і культуры», — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Рада БНР пазіцыянуе сябе як найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, нагадвае „Свабода”.

У рамках паездкі ў Канаду 14–15 красавіка Святлана Ціханоўская сустрэнецца з прэмʼер-міністрам краіны Джасцінам Трудо, міністрам замежных спраў Мэлані Жолі, спікерам Палаты абшчын Грэгам Фергюсам, а таксама спікерам Сената Рэймон Ганье.

Напярэдадні візіту Ціханоўская заявіла, што дэмсілы чакаюць ад Канады лідарства «ў глабальнай барацьбе за свабоду і дэмакратыю».

«Трэба максімальна ціснуць на рэжым Лукашэнкі, каб дабіцца вызвалення палітвязняў, — заявіла Ціханоўская. — Нам патрэбна падтрымка нашай грамадзянскай супольнасці з боку Канады, у першую чаргу незалежных СМІ, каб супрацьстаяць расійскай і лукашэнкаўскай прапагандзе. Свабодная Беларусь бачыць у Канадзе стратэгічнага партнёра і саюзніка».

Гэта другі візіт дэмлідаркі Беларусі ў Канаду. Упершыню яна наведала гэтую краіну ў лістападзе 2022 года.Тады Атава абʼявіла аб увядзенні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі «за садзейнічанне і падтрымку незаконнага ўварвання Расіі і спробу анексіі ўкраінскай тэрыторыі».

аз

Справу дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі накіравалі ў Вярхоўны суд

11.04.2024 14:30
Следства налічыла Франаку Вячорку кампенсацыі шкоды на 30 мільёнаў рублёў. Яго  завочна змясцілі пад варту. Але фізічна Вячорка знаходзіцца цяпер у Вільні.