Беларуская Служба

Украінскі консул наведаў гомельскую калонію, дзе трымаюць жанчын-палітвязняў

16.04.2024 11:02
Пра візіт у калонію ўкраінскага дыпламата паведамілі сваякі палітычных зняволеных, якіх трымаюць у калоніі № 4.
 1525.
Інсталяцыя «1525». Здымкі беларускіх палітзняволеныхЛ.Вялічка/radyjo.net

Паводле іх звестак, дыпламата з Украіны бачылі ў калоніі ў красавіку, ён наведаў зняволеных і пазнаёміўся з умовамі, у якіх трымаюць асуджаных жанчын, грамадзянак Украіны, паведаміла Радыё Свабода.

Гэтыя звесткі пацвердзіў Свабодзе амбасадар у асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны па Беларусі Ігар Кізім.

«Наш консул з Менска прыязджаў у тую калонію для сустрэчы з асуджанымі грамадзянкамі Украіны. Такая практыка існавала і раней», — паведаміў амбасадар.

Паводле Ігара Кізіма «консулу на адпаведны запыт беларускія ўлады даюць (хоць і не заўжды) дазвол на такія наведванні».

Паводле праваабаронцаў «Вясны» па стане на 15 красавіка ў гомельскай жаночай калоніі ўтрымліваюць 120 жанчын, прызнаных палітвязнямі. Сярод іх актывістка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, палітолаг Валерыя Касьцюгова, актывістка АГП Вольга Маёрава ды іншыя.

яс