Беларуская Служба

Былая палітзняволеная Крысціна Чаранкова эвакуяваная з Беларусі

18.04.2024 17:19
У лютым мінулага года дзяўчына была ўнесеная ў гэтак званы «спіс тэрарыстаў».
Крысціна Чаранковакрыніца: Андрэй Стрыжак/«Фэйсбук»

Былая палітзняволеная, якая правяла два з паловай гады ў калоніі, эвакуяваная з Беларусі, паведаміў кіраўнік фонду дапамогі «BySol» Андрэй Стрыжак. 

«Актывістка адбыла ўвесь тэрмін зняволення і была эвакуяваная з Беларусі з-за пагрозы паўторнага пераследу», – напісаў Стрыжак у сваім акаўнце ў сетцы «Фэйсбук». 

Антыфашыстка і вакалістка мазырскага гурта «VIKT(A)R xOi!» Крысціна Чаранкова выйшла на свабоду 11 красавіка. 

Дзяўчыну затрымалі ў сакавіку 2022 года ў межах крымінальнай справы, якая была распачатая за некалькі допісаў у «Інстаграме» супраць міліцэйскага насілля і вайны ва Украіне. Крысціну Чаранкову абвінавацілі ў «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы» і ў лістападзе 2022 года прыгаварылі да двух з паловай гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму. 

Свой тэрмін пакарання Крысціна Чаранкова адбывала ў Гомелі. 

У лютым мінулага года дзяўчына была ўнесеная ў гэтак званы «спіс тэрарыстаў».

вс