Беларуская Служба

На Аршанскім станкабудаўнічым заводзе ўскосна прызналіся, што працуюць на расійскую «абаронку»

19.04.2024 15:32
Доля экспарту гэтага прадпрыемства ў Расію перавышае 90%.
 - -34
Франтавы знішчальнік-бамбавік Су-34Shutterstock/Viacheslav Lopatin

Беларускія машынабудаўнічыя і падобныя ім прадпрыемствы імкнуцца не афішаваць свайго ўдзелу ў вайсковых праектах Расіі. Аднак часам прасочваецца інфармацыя, якая паказвае на тое, што прадукцыя беларускіх заводаў выкарыстоўваецца расійскай «абаронкай».

Партал дзяржаўнага выдання sb.by публікуе артыкул карэспандэнта газеты «Саюз» аб стварэнні «саюзнага станка» на аршанскім станказаводзе «Чырвоны барацьбіт». Сярод іншага, у артыкуле расказваецца, што асноўным рынкам збыту завода па дамовах на 2024-2025 гады з'яўляюцца прадпрыемствы Аб'яднанай рухавікабудаўнічай карпарацыі Расіі.

Дырэктар завода Віталь Круцько ў артыкуле адзначае: «Асновай прадукцыі гэтых прадпрыемстваў з'яўляюцца турбінавыя рухавікі для вайсковых і грамадзянскіх самалётаў, марскіх суднаў, касмічных ракет».

Аб'яднаная рухавікабудаўнічая карпарацыя Расіі знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, краін ЕЗ, Украіны, Аўстраліі і іншых краін.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск