Беларуская Служба

У Віцебску збіраюцца пабудаваць жылы квартал без грамадскага абмеркавання

20.04.2024 15:58
На сайце Віцебскага гарвыканкама няма ніякіх абестак пра тое, што ідзе грамадскае абмеркаванне праекта.
Жылы домShutterstock/Roman Babakin

Агароджаны высокім плотам квартал з трох пяціпавярховых дамоў спраектаваны проста ў двары іншага шматкватэрнага жылога дома, на невялікай прасторы паміж пад'ездамі і суседнім дзіцячым садком. Замест грамадскага абмеркавання ў гарвыканкаме, як патрабуе закон,  жыхары дамоў 12 і 12А па праспекце Будаўнікоў убачылі дзіўнага зместу абвесткі на сваіх пад'ездах – нібыта грамадскае абмеркаванне праводзіць Упраўленне капітальнага будаўніцтва. Хаця гэтая ўстанова не мае на гэта паўнамоцтваў, і любыя вынікі такога абмеркавання будуць незаконнымі. На сайце УКБ паведамляецца, што абмеркаванне  будзе весціся да 30 красавіка.

Жыхары дамоў 12 і 12А катэгарычна супраць таго, каб у двары з'явіўся новы жылы комплекс. Ці можа меркаванне віцяблян змяніць сітуацыю, пакуль не зразумела.

15 красавіка тэлеканал АНТ паведаміў аб прыняцці Пастановы Савета міністраў, якая адмяняе дублюючыя працэсы і ўзгадненні ў сферы будаўніцтва нерухомасці. На сайце УКБ не пазначана, з якога дня  праводзіцца збор меркаванняў, але аб'явы на пад'ездах жыхароў шматкватэрнай дзевяціпавярхоўкі пра суседства новага квартала з'явіліся 13 красавіка. Аднак пастанова да гэтага часу не апублікавана на афіцыйным прававым партале. Таму працэдура «інфармавання» з просьбай выказваць свае пажаданні, што праводзіць УКБ, пакуль не выглядае законнай.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск