Беларуская Служба

Кватэру праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне

24.04.2024 09:35
Кватэру палітвязня праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне 23 красавіка. Інфармацыя аб электронным аўкцыёне з’явілася на сайце «БелЮрОбеспечение».
Кватэра праваабаронцы Уладзіміра ЛабковічаФота: e-auction.by

На аўкцыёне зʼявілася двухпакаёвая кватэра на вуліцы Тухачэўскага ў Мінску. Пачатковы кошт лота – 134 000 рублёў, а прадалі яго за 145 390 рублёў. У аўкцыёне ўдзельнічала тры чалавекі.

У якасці «даўжніка» у інфармацыі аб лоце паказаны Лабковіч Уладзімір Мікалаевіч.

Уладзімір Лабковіч – юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна». 14 ліпеня 2021 года да яго і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У 2023 годзе суддзя Марына Запаснік пакарала «вясноўцаў» вялікімі тэрмінамі. Уладзіміра Лабковіча – 7 гадамі калоніі. Ён не прызнаў віну ні па адным артыкуле.

Раней на аўкцыёне прадалі кватэру Валерыя Цапкалы, які завочна атрымаў тэрмін у Беларусі.

яс/Reform.news/Белсат