Беларуская Служба

Лукашэнка стаў старшынёй УНС адначасова з прэзідэнцтвам. Яго намеснік — Косінец

24.04.2024 17:19
Аляксандр Лукашэнка стаў старшынёй Усебеларускага народнага схода (УНС), за ім застаецца пасада прэзідэнта.
  .
«Усебеларускі народны сход».president.gov.by

Яго намеснікам у гэтай структуры будзе Аляксандр Косінец.

Сярод цікавых момантаў гэтага УНС тое, што ён мусіць зацвердзіць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і ваенную дактрыну Беларусі. 

Хто такі Аляксандр Косінец?

Аляксандр Косінец — 64-гадовы выхадзец з-пад Оршы даўно працуе ў вышэйшых эшалонах улады. У 2014—2016 гадах ён быў кіраўніком ягонай Адміністрацыі. Апошнія гады ён працаваў дарадцам Лукашэнкі.  Да прыходу на дзяржаўную службу Аляксандр Косінец зрабіў выдатную кар’еру ў медыцыне — быў вядомым у краіне хірургам, ужо ў 37 гадоў стаў прафесарам. Пабываў таксама рэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта.

Што такое «Усебеларускі народны сход»?

Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 года, Усебеларускі народны сход — «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя». Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС праводзяцца не радзей як адзін раз на год.

Усебеларускі народны сход зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў, прапаноўваць рэферэндумы ды іншае.

Усебеларускі народны сход таксама можа прымаць рашэнне аб зняцці з пасады прэзідэнта Беларусі, калі той сістэматычна ці груба парушае Канстытуцыю Беларусі альбо ўчыніў дзяржаўную здраду ці іншае цяжкае злачынства. УНС таксама мае права ўвесці ў Беларусі надзвычайнае ці ваеннае становішча ў выпадку бяздзеяння прэзідэнта.

Паводле belta.by/nashaniva.com/вх