Беларуская Служба

Паводле следства журналістаў, сямейны бізнес кандыдата ў прэзідэнты Літвы мог мець дачыненне да парушэння санкцый

25.04.2024 08:10
Kампанія «Vilpra» катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да магчымага механізма абыходу санкцый.
Ігнас Вегеле Autorius Augustas Didžgalvis - Mano darbas, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=137097955

Паводле сумеснага расследавання беларускіх журналістаў-следчых , а таксама літоўскіх СМІ («Laisvės TV», «Sienas» і «Biuro» ), сямейны бізнес кандыдата ў прэзідэнты Літвы Ігнаc Вегеле мог удзельнічаць у абыходзе санкцый ЕС, паведамляе delfi.lt.


Даследчыкі ўстанавілі, што падкантрольная сям'і Вегеле кампанія «Vilpra», экспартавала кандыцыянеры дзвюм кыргызскім кампаніям, якія падалі неіснуючыя адрасы. Журналісты знайшлі сляды згаданых кампаній у Беларусі.

Дадзеныя, сабраныя даследчыкамі, паказваюць, што за паўгода кампанія «Vilpra» экспартавала кандыцыянераў прыкладна на 940 тысяч еўра з указаннем у якасці краіны прызначэння Кыргызстана. Аднак факты выклікаюць сумнеў, ці пайшлі кандыцыянеры менавіта туды.

«Vilpra» катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да магчымага механізма абыходу санкцый.

Журналісты нагадваюць, што неўзабаве пасля нападу Расіі на Украіну ЕС забараніў экспарт кандыцыянераў у Беларусь.



Яны таксама нагадваюць, што да 2022 года Кыргызстан не вылучаўся ў якасці буйнога знешнегандлёвага партнёра Літвы. Аднак па меры таго, як пачалі дзейнічаць чарговыя санкцыйныя пакеты Еўрасаюза , Літва, і іншыя краіны пачалі актывізаваць гандаль з гэтай краінай. З верасня 2022 года па сакавік 2023 года Літва была лідарам ва ўсім ЕС па экспарце кандыцыянераў у Кыргызстан.

Справа ў тым, што афіцыйная статыстыка Кыргызстана не дацягвае не толькі да заяўленага Літвой экспарту, але і да лічбаў, пададзеных кампаніяй «Vilpra».

Кыргызстан паведаміў статыстычнаму агенцтву Арганізацыі Аб'яднаных Нацый «UN Comtrade», што за гэты перыяд імпартаваў з Літвы кандыцыянераў усяго прыкладна на 370 тысяч долараў. Гэта ў шэсць разоў менш, чым экспарт заяўлены Літвой і крыху больш за траціну агульнага аб’ёму экспарту кампаніі сям'і Вегеле.

аз