Беларуская Служба

Вымушаныя скарачэнні, падзенне аб'ёмаў працы - несуцяшальныя паказчыкі працы «Нафтана»

25.04.2024 13:21
Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны па нафтаперапрацоўцы перажывае не найлепшыя часы.
.
.Фота: naftan.by

Больш за тры гады таму працоўныя прадпрыемстваў Беларусі спрабавалі супрацьстаяць рэжыму, абвясціўшы страйк. Падчас падзей 2020-га на ААТ «Нафтан» каля 40 чалавек сышлі ў стачку.

У 2021 годзе кіраўніцтва «Нафтана» аб'явіла «аптымізацыю». Скарачалі кадры на заводзе найперш за кошт звальнення працоўных, якія сышлі ў стачку і якія адкрыта выказвалі сваю пазіцыю. Цяпер, на заводзе ўтварыўся нават дэфіцыт кадраў. Кіраўніцтва сцвярджае, што сітуацыя не крытычная, жорсткага дэфіцыту кадраў няма, аднак змены часам даводзіцца даўкамплектоўваць падменнымі работнікамі.

Цяпер на сайце завода размешчаны 140 актуальных вакансій, але на многія пазіцыі на заводзе да гэтага часу не прымаюць людзей «з боку», бо баяцца праявы любога іншадумства.

Нельга назваць натхняльнымі і эканамічныя вынікі «Нафтана»: амаль увесь аб'ём нафтапрадуктаў ідзе ў Расію, аднак расійскі рынак не з'яўляецца прыбытковым або прэміяльным для беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў.

Праз падзенне даходаў прадпрыемства давялося скараціць многія сацыяльныя гарантыі, напрыклад, выплаты штогадовай дапамогі на аздараўленне ў санаторыях для завадчан. Фінансавы стан завода «Нафтан» не дазваляе ў дадзены момант ажыццявіць выплату 13-й зарплаты за 2023 год і павялічыць заработную плату работнікаў у 2024 годзе. Павышэнне заработнай платы ў гэтым годзе, па меншай меры ў першым паўгоддзі, не прадугледжана па бізнес-плане.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск