Беларуская Служба

Члены віцебскай абласной назіральнай камісіі не знайшлі парушэнняў у папраўчых установах адкрытага тыпу

26.04.2024 16:17
Грамадская камісія пры галоўным упраўленні юстыцыі наведала папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу ў Віцебску.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Fanni_2021

Тры члены Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісія пры галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама наведалі 19 красавіка дзве папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, размешчаныя ў Віцебску.

У ВУАТ №9 адбываюць пакаранне 14 палітвязняў, у ВУАТ №10 ёсць як мінімум адзін зняволены па палітычных матывах. Грамадскія інспектары азнаёміліся з медыка-санітарным забеспячэннем, арганізацыяй побыту асуджаных, іх вольным часам. Скаргі ад зняволеных на ўмовы ўтрымання членамі камісіі не былі зафіксаваныя. Члены камісіі не палічылі патрэбным без пасрэднікаў паразмаўляць з грамадзянамі, якія адбываюць пакаранні ў дзвюх віцебскіх установах, тым больш з палітвязнямі.

Незалежныя праваабаронцы сыходзяцца на думцы, што асноўная задача турмы на сённяшні дзень у Беларусі - практычна знішчыць чалавека як асобу. Палітычнаму вязню надаецца асаблівая ўвага ў дрэнным сэнсе. Часта «палітычных» трымаюць у інфармацыйным вакууме, падвяргаюць катаванням, не аказваюць неабходную медычную дапамогу. Ад некаторых палітвязняў няма навін ужо больш за год. За апошнія тры гады за кратамі ў Беларусі памерлі пяць палітычных вязняў.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск