Беларуская Служба

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў упершыню пасля вызвалення выказаўся ў сацсетках

13.05.2024 17:08
Паводле падлікаў ПЦ «Вясна» ў Беларусі налічваецца 1374 вязні сумлення.
Андрэй Дзмітрыеўкрыніца: Facebook

Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў упершыню выказаўся ў сацсетках пасля вызвалення. Былы палітвязень апублікаваў сторыс у сацсетках з вершам да свайго дня нараджэння, у якім закранае падзеі апошняга часу, - паведамляе zerkalo.io.

«Мне сорак тры. Прайшоў турму і войска…», — так пачынаецца верш, які чытае палітык у гонар свайго дня нараджэння. Яго Андрэй Дзмітрыеў святкуе 12 траўня. На відэа экс-кандыдат у прэзідэнты таксама гаворыць, -

«З усіх шляхоў абіраў той, што вядзе ды мары.
І зараз ім рушу ды сонца - праз усе перашкоды і хмары.
Мне сорак тры - гэта проста лічбы і тое, што за спіною.
Галоўнае - не адзін, не зламаныя, не стомленыя, жывыя!

На відэа заўважна, што экс-кандыдат у прэзідэнты моцна схуднеў.

Нагадаем, былога кіраўніка арганізацыі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева затрымалі ў студзені 2023 года. Праз тры месяцы яго прыгаварылі да 1,5 года пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзмітрыеў не прызнаў сваёй віны, праваабаронцы ўнеслі яго ў спіс палітвязняў. У маі 2023 года памерла маці Дзмітрыева, але палітыка не пусцілі на пахаванне. Палітык выйшаў на волю пасля таго, як 20 красавіка скончыўся ягоны тэрмін зняволення.

Паводле падлікаў ПЦ «Вясна» ў Беларусі налічваецца 1374 вязні сумлення.

эж