Беларуская Служба

У Віцебскай вобласці паскорыўся рост спажывецкіх цэн

14.05.2024 15:12
Больш за ўсё ў красавіку на Віцебшчыне падаражэла гародніна і цэны на медыцынскія паслугі.
Беларускі рубельShutterstock.com

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за мінулы месяц цэны на гародніну выраслі адразу на 4,8%. Для параўнання, за сакавік гэтая катэгорыя прадуктаў падаражэла на 2,8%. На другім месцы па росце цэн сярод прадуктаў - макароны (+2,5%), трэцяе месца - у садавіны (+2%). У красавіку ў Віцебскай вобласці падаражэў нават хлеб - на 1,1%. На столькі ж даражэй сталі і безалкагольныя напоі. 

У цэлым рост цэн на харчовыя тавары за месяц склаў 0,6%, за чатыры месяцы з пачатку года - 3,3%, у параўнанні з красавіком 2023 года - 5,7%. А вось цэны на паслугі, згодна з афіцыйнай статыстыкай, у красавіку зменшыліся на 0,1%. Пры гэтым цэны на медыцынскія паслугі ў мінулым месяцы выраслі на 2,6%. За чатыры месяцы рост цэн на паслугі склаў 2,9%, за год - 6,4%. 

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск