Год таму, у ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года, памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Яго асудзілі ў закрытым рэжыме да пяці гадоў калоніі за карціны на выставе ў Гродне і перформанс ў Кіеве вясной 2021 года. У Алеся Пушкіна ў турме № 1 Гродна адкрылася прабадная язва і яму своечасова не была аказана медыцынская дапамога. Мастака ўжо ў непрытомным стане пад канвоем прывезлі ў бальніцу, але было позна — ён памёр на аперацыйным стале.
У гадавіну смерці мастака альбом можна бясплатна паглядзець у інтэрнет-бібліятэцы Kamunikat.
У лістападзе 2019 года на мінскай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» прайшло адкрыццё выставы мастака Алеся Пушкіна «Малюнкі з турмы», а таксама прэзентацыя яго «Турэмнага альбому», які ўбачыў свет у серыі «Беларуская турэмная літаратура».
Турэмны альбом беларускага мастака-нонканфарміста складаецца з малюнкаў, зробленых Алесем Пушкіным падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ізалятарах Смаргоні і Мінска за акцыі ўшанавання памяці 22-гадовага змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага, расстралянага ўвосень 1950 г.
Неардынарная асоба мастака Алеся Пушкіна добра вядомая ў краіне і за яе межамі найперш эпатажнымі перформансамі яшчэ з часоў вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Акадэмія мастацтваў) у Мінску. Свабода, незалежнасць не толькі ў думках, але і ў дзеяннях — вось ягонае крэда.
Першыя адміністрацыйныя «суткі» Алесь атрымаў у 1989 г. за заклікі прыйсці на першыя «Дзяды». За перформанс, прымеркаваны да дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г., праведзены ў 1989 г. у адказ на забарону кіраўніцтва ВНУ зладзіць выставу, прысвечаную БНР, па крымінальным артыкуле Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады зняволення ўмоўна. Наступная крыміналка — праз 10 гадоў за вазок гною да будынка прэзідэнцкай адміністрацыі з надпісам «За пяцігадовую плённую працу» — такую падзяку мастак выказаў Лукашэнку ў дзень заканчэння першых прэзідэнцкіх паўнамоцтваў 21 ліпеня 1999 г.
Паводле spring96.org/вх