Беларуская Служба

У ноч на 31 ліпеня ў паветраную прастору Беларусі заляцела як мінімум пяць «шахедаў»

31.07.2024 14:29
Мінімум пяць «шахедаў» заляцелі ноччу ў Беларусь, адзін дабраўся ажно да Століна.
«Шахед»Anelo/Shutterstock

У ноч на 31 ліпеня адбыўся самы масавы залёт «шахедаў» у паветраную прастору Беларусі за ўвесь перыяд маніторынгу. Паводле інфармацыі групы «Беларускі Гаюн», усяго за мінулую ноч у Беларусь заляцелі не менш за пяць дронаў-камікадзэ тыпу «шахед», звярнула ўвагу «Наша Ніва».

Першы з «шахедаў» зайшоў у Беларусь недзе ў 23:20 каля в. Асарэвічы Брагінскага раёна. І ўжо ў 23:50 з аэрадрома «Баранавічы» быў узняты знішчальнік ВПС РБ, які больш за гадзіну лётаў па ўсім паўднёвым усходзе Беларусі паблізу памежжа.

Знішчальнік заўважалі ў раёне Рэчыцы, Гомеля і паблізу іншых населеных пунктаў у прыграніччы з Украінай, што сведчыць аб тым, што знішчальнік праводзіў інтэнсіўны пошук мэт і быў узняты не проста на разведку, а на мэтанакіраванае выяўленне «шахедаў» над Беларуссю. Ён прабыў на поўдні краіны да 01:30 ночы, але і пасля яго вяртання на аэрадром «Баранавічы» «шахеды» працягнулі заходзіць у Беларусь.

Дроны-камікадзэ ўварваліся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне Лоева, Асарэвічаў і в. Кірава (Брагінскі раён). Па часе гэта адбывалася ў 23:20 (№1), 00:05 (№2), 01:20 (№3), і апошняя група зайшла ў Беларусь у раёне 02:30 ночы, прычым у апошнім выпадку іх было адразу дзве адзінкі.
яс