З дапамогай інфармацыі BelPol Свабода расказвае пра маладых людзей, якіх у Беларусі вінавацяць у «супрацы з СБУ», «падрыхтоўцы тэрактаў», «вырабе выбухоўкі».
Станіслаў Шапель, яму 18 гадоў, з Магілёва. Сёлета ў траўні Шапеля асудзілі за махлярства. Ён ужо пачаў адбываць тэрмін. Пазней на хлопца завялі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». У новай справе Шапеля пачалі судзіць 29 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе. Хлопцу пагражае ад 7 да 15 гадоў калоніі, паведаміла «Вясна».
Марыя М., грамадзянка Украіны. Ёй 16 гадоў, у 2022 годзе разам з бацькамі пераехала з Украіны ў Беларусь. Марыю затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, які выйшаў у канцы красавіка 2024 году, дзяўчына нібыта стварыла падраздзел анархісцкага руху «Чорныя салаўі», якім кіравалі спецслужбы Украіны. У групу, як сцвярджаецца, аб’ядналіся шасцёра падлеткаў. Яны быццам планавалі тэракты ў Беларусі, а потым у Расіі.
Марыю вінавацяць у «акце тэрарызму» (частка 2 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Дзе яе ўтрымліваюць, невядома.
Трафім Б., яму 17 гадоў. Трафіма затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, нібыта быў «правай рукой» камандзіра падраздзелу руху «Чорныя салаўі» і «адказваў за рэвалюцыйныя настроі». Трафіма абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК).
Сяргей Жыгалёў, яму 19 гадоў. Здымаў кватэру ў Баранавічах. Жыгалёву закідаюць тое, што ён закупляў рэчывы для самаробнай выбухоўкі, а таксама прапанаваў сваю здымную кватэру для сустрэч групы «Чорныя салаўі». Яго абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК). Жыгалёў знаходзіцца ў СІЗА № 7 у Брэсце.
Дзмітры Захарошка, яму 18 гадоў. Захарошку затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Задачай Захарошкі, паводле прапагандысцкага фільму, было сабраць дэтанатар у межах групы «Чорныя салаўі». Яго абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК). Захарошка знаходзіцца ў СІЗА № 7 у Брэсце.
Анастасію К. затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, дзяўчыну, нібыта, накіравала расклейваць улёткі ў Мінску Марыя К. з групы «Чорныя салаўі». Анастасію абвінавачваюць у «акце тэрарызму».
Аляксандра П. з Мінска, ёй 17 гадоў. Паводле фільму АНТ, яна ўдзельнічала ў групе «Чорныя салаўі».
Данііл Гарасім, яму 19 гадоў. Жыў у Мінску. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта ў канцы 2023 году сфатаграфаваў вайсковую тэхніку ў Асіповічах і перадаў спецслужбам Украіны. Яму закідаюць таксама спробу далучыцца да палка імя Каліноўскага. У фільме АНТ паказалі таксама, што Данііл нібыта хацеў перадаць «башмак», каб пусціць цягнік пад адхон. Хлопца абвінавачваюць у «спробе здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу).
Пераважна не вядома, дзе ўтрымліваюць падлеткаў з «Чорных салаўёў». Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
У іншым прапагандысцкім фільме АНТ паказвалі трох школьнікаў з Віцебску і Магілёва, якія нібыта рабілі самаробную выбухоўку. Іхныя імёны невядомыя. З фільму вынікае, што на аднаго з іх завялі крымінальную справу.
яс