Беларуская Служба

Міжнародны інстытут прэсы патрабуе вызвалення журналістаў Яўгена Глушкова і Аляксандра Сабалеўскага

05.08.2024 17:47
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяперака ў Беларусі 37 працаўнікоў незалежных СМІ знаходзяцца за кратамі.
     (  )
Яўген Глушкоў і Аляксандр Сабалеўскі (з правага боку)Фота: https://pozirk.online/be

Міжнародны інстытут прэсы (IPI) патрабуе вызвалення палітвязняў журналістаў Яўгена Глушкова і Аляксандра Сабалеўскага, - паведамляе «Позірк».

Падкрэсліваецца, што падчас масавых пратэстаў у Беларусі дзясяткі беларускіх журналістаў былі «пасаджаны ў турму за рэпартаж». Да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка «працягвае свой бясконцы крыжовы паход супраць незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці ў цэлым», адзначыў часовы дырэктар IPI Скот Грыфэн.

31 ліпеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў былых журналістаў-фрылансераў Яўгена Глушкова і Аляксандра Сабалеўскага да трох і чатырох гадоў пазбаўлення волі адпаведна, а таксама пастанавіў спагнаць з іх штрафы.  Сабалеўскі быў затрыманы 12 снежня 2023 года на працы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.  20 лютага стала вядома, што на затрыманага ў пачатку студзеня відэааператара з Магілёва Глушкова заведзена крымінальная справа.

Абодва фігуранты пераследуюцца за супрацоўніцтва з рэгіянальным недзяржаўным сайтам 6tv.by.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяперака ў Беларусі 37 працаўнікоў незалежных СМІ знаходзяцца за кратамі.

эж