Урад Беларусі ўхваліў праект дамовы з Кітаем пра тэхнічна-эканамічную дапамогу і ўпаўнаважыў Міністэрства эканомікі на перамовы аб ёй, паведамляе «Свабода».
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, урад дазволіў Міністэрству эканомікі пры неабходнасці ўносіць змены ў праект дакументу, калі яны не маюць прынцыповага характару, і ў выніку яго падпісаць.
У той жа час у пастанове не называюцца мэты, дзеля якіх урад Кітаю надасць Беларусі такую дапамогу.
Іншай пастановай Савет міністраў Беларусі дазволіў кітайскаму боку на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» пачаць будаўніцтва другога жылога арэнднага комплексу. Першы жылы комплекс здалі ў 2019 годзе.
Таксама ўрад Беларусі зацвердзіў новы генеральны план кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». У склад беларуска-кітайскага індустрыяльнага цэнтру «Вялікі камень» уключылі Нацыянальны аэрапорт «Мінск», які па-ранейшаму будзе лічыцца тэрыяторыяй Мінску. Гэта трэцяе зацвярджэнне генеральнага плану — яго ўхвалілі ў 2013 годзе і скарэктавалі ў 2016-ым.
Згодна з новым дакументам, асваенне тэрыторыяў будзе адбывацца ў два этапы: першы — у 2025-м, другі — у 2035 годзе.
Агульная плошча парку складае 11 761 га. У яго межы ўваходзяць 15 сельскіх паселішчаў, некалькі садовых таварыстваў, а таксама біялагічны заказнік нацыянальнага значэння «Валмянскі», зона адпачынку «Вясёлка» і біялагічны заказнік «Маяк» (функцыянаванне гэтага заказніка спыняць).
Апроч таго, у межах індустрыяльнага парку знаходзіцца падземны водазабор, які забяспечвае пітной вадой 150-170 тысяч жыхароў Мінску, і рэкрэацыйна-аздараўленчыя лясы, якія маюць спецыяльны статус карыстання. Іх перададуць для асваення, адзначаецца ў пастанове, «з улікам асаблівасцяў, вызначаных палажэннем аб спецыяльным праўным рэжыме кітайска-беларускага парку».
Пры асваенні тэрыторыяў таксама будуць улічаныя абмежаванні ў зонах каля аб’ектаў Міністэрства абароны Беларусі і аэрапорту «Мінск».
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзідэнта.
Цяпер у парку 100 рэзідэнтаў, чысты прыбытак кампаніяў парку за 2022 год — 34,1 мільёна рублёў.
аз