Латвія вырашыла дазволіць пропуск некаторых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Поўная забарона была ўведзеная месяц таму ў рамках новых санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі, — паведамляе euroradio.
Служба фінансавай разведкі назвала ўмовы, пры якіх такі аўтамабіль можа быць прапушчаны праз мяжу.
Будзе дазволены ўвоз аўтамабіля, які належыць:
— грамадзяніну дзяржавы-чальца ЕС або аднаму з яго бліжэйшых сваякоў, які пражывае ў Беларусі;
— грамадзяніну Беларусі, які мае дзеючую візу або від на жыхарства ў ЕС.
Абаязковыя ўмовы:
— аўтамабіль павінен увозіць непасрэдна ўладальнік;
— транспарт павінен быць прызначаны для асабістага карыстання, не для продажу.
Канчатковае рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку застаецца за Службай фінансавай разведкі Латвіі. Яна мае права дазволіць уезд, але не абавязаная гэта рабіць.
Для дазволу ўезду ў Латвію на сваім аўто грамадзянін Беларусі павінен падаць наступныя дакументы:
— заяву на ўвоз транспартнага сродку ў Латвію;
— копію агульнаграмадзянскага пашпарта;
— копію пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку;
— копію арыгінала дзеючай візы або віду на жыхарства.
Усе дакументы падаюцца на дзяржаўнай латышскай мове. Выключэнне складаюць копіі дакументаў, якія сведчаць асобу, і пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
эж