Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Ватыкана «практычна аднолькавая пазіцыя» па вайне ва Украіне, а Еўропе патрэбная новая дамова аб міры, перадае яго прэс-служба.
На думку Лукашэнкі, погляды «кіраўніцтва Беларусі і Ватыкана практычна супадаюць, асабліва па пытаннях бяспекі» ў Еўропе, а іх пазіцыі «абсалютна сугучныя».
— І гэта паказвае канфлікт ва Украіне, дзе мы займаем практычна аднолькавую пазіцыю. <…> Еўропе, каб жыць спакойна і жыць так, як мы жывем (як бы мы ні плакаліся, жывем нядрэнна), — нам патрэбен новая дамова аб міры, патрэбны новы мір, калі можна так сказаць, у Еўропе, — заявіў Лукашэнка.
У гэтым «актыўнасці нашай царквы каталіцкай недастаткова», мяркуе кіраўнік Беларусі.
— Трэба яшчэ, каб у еўрапейскіх краінах былі моцныя кіраўнікі, якія б зыходзілі з таго, што трэба бачыць інтарэсы і сваіх народаў. Не толькі падпарадкоўвацца і ва ўгоду камусьці дзейнічаць. Трэба бачыць інтарэсы сваіх народаў. На жаль, няхай яны на мяне не пакрыўдзяцца, я такіх не бачу, — паскардзіўся ён.
Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч у канцы верасня завяршае чатырохгадовую службу ў Беларусі.
Лукашэнка падтрымлівае Пуціна ў яго вайне ва Украіне. Але ў сукупнасці з моцнымі рэпрэсіямі супраць уласных грамадзян гэта зрабіла яго ізгоем у Заходнім свеце. Цяпер рэжым у Беларусі спрабуе паўтарыць схему з 2011-2012 гг., калі ўлады часова спынілі рэпрэсіі, вызвалілі палітвязняў, а ўзамен атрымалі нармалізацыю адносін з Захадам. Але эксперты не вераць у магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам.
вх