У чацвер, 5 верасня, Сейм Латвіі падтрымаў у першым чытанні папраўкі да Закона "Аб дарожным руху", якія з 1 лістапада гэтага года ўводзяць забарону на знаходжанне ў Латвіі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі - піша Delfi.
Законапраекту прысвоена тэрміновасць - адпаведна, ён будзе зацверджаны ў двух, а не ў трох чытаннях.
Папраўкі прадугледжваюць, што транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Беларусі, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, павінны быць вывезены або зарэгістраваны для ўдзелу ў дарожным руху ў Латвіі да 31 кастрычніка.
Пасля ўстаноўленага тэрміну беларускія аўтамабілі змогуць уехаць у Латвію толькі адзін раз для транзітнага перасячэння тэрыторыі краіны, загадзя падаўшы заяўку праз сістэму электронных паслуг Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху.
Міністэрства юстыцыі прапануе ўключыць у рэгуляванне два выключэнні. Законапраект не будзе тычыцца асоб з абмежаванай рухомасцю, якія кіруюць прыналежнымі ім аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Беларусі, і ўязджаюць у Латвію з мэтай наведаць сваякоў. Акрамя таго, паводле рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў, аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, змогуць уехаць у Латвію ў асаблівых выпадках, звязаных з бяспекай. У такіх выпадках асобам неабходна будзе атрымаць дазвол ад Службы фінансавай разведкі для ўезду на тэрыторыю Латвіі.
Дэпутат Народна-гаспадарчай камісіі Сейма Яніс Вітэнбергс (Нацыянальнае аб'яднанне) на папярэднім пасяджэнні адзначыў, што такіх выключэнняў няма ў рэгуляванні, якое датычыцца транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Расіі, якія ўжо не могуць знаходзіцца ў Латвіі.
Парламенцкі сакратар Міністэрства замежных спраў Дацэ Мелбардзе ("Новае Адзінства") заявіла, што беларуская дыяспара значна адрозніваецца ад расійскай, адзначыўшы, што прадстаўнікі беларускай апазіцыі раней заклікалі не падтрымліваць першапачатковай версіі законапраекта. "Таму мы гатовы быць гнуткімі, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца", — дадала прадстаўнік МЗС.
Плануецца, што ў выпадку невыканання новага рэгулявання ў Латвіі можа адбыцца канфіскацыя зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў на карысць Украіны.
Запланаваныя змяненні ў нарматыўныя акты прадугледжваюць абавязак уладальнікаў аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, якія ўехалі на тэрыторыю Латвіі, зарэгістраваць іх у Латвіі ва ўстаноўленыя тэрміны, а таксама ўстанаўліваюць адказнасць за невыкананне гэтага абавязку.
Аналагічны законапраект быў прапанаваны апазіцыйным Нацыянальным аб'яднаннем, але ў канцы чэрвеня яго адхілілі як адказная камісія, так і Сейм, заявіўшы, што Міністэрства юстыцыі рыхтуе адпаведнае рэгуляванне.
Як паведамлялася раней, з 16 ліпеня Служба дзяржаўных даходаў (VID) забараніла ўезд у Еўрапейскі Саюз (ЕС) праз пункты пропуску на латвійска-беларускай і латвійска-расійскай межах аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі.
Каб знізіць рызыкі абыходу санкцый, ЕС пры зацвярджэнні чарговага пакета санкцый супраць Беларусі ў значнай ступені прывёў санкцыі, накладзеныя на Беларусь, у адпаведнасць з санкцыямі супраць Расіі. Была ўведзеная забарона на ўвоз тавараў беларускага паходжання або экспартаваных з Беларусі.
нг