Беларуская Служба

Беларусь прапануе Польшчы забраць Пачобута. Польшча: Гэта не ўпісваецца ў канон адносін

07.09.2024 11:30
Анджэй Пачобут – адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі.
Анджэй Пачобутtwitter.com/Latushka

У МЗС Польшчы адказалі на словы прапагандыста Юрыя Васкрасенскага пра «забраць Пачобута». Васкрасенскі сцвярджае, што Мінск прапанаваў асабіста кіраўніку МЗС Польшчы Радаславу Сікорскаму, каб той вывез журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута з РБ.

«Я тэлефаную бясконца былому часоваму паверанаму Вайцэхоўскаму (Marcin Ryszard Wojciechowski рэд.), – гаварыў прапагандыст у стрыме ў Рыгора Азаронка. – Ён не падымае слухаўку. Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сетцы: «Забірай, забірай, падымай зад і забірай». Калі ты думаеш, мы за кімсьці будзем бегаць з гэтым Пачобутам? Не. Значыць, ён адсядзіць увесь тэрмін».

На гэта Еўрарадыё атрымала такі адказ міністэрства замежных спраў Польшчы: «Паведамляем, што прапанова, якую ў чарговы раз прадставіў калабарант беларускага рэжыму, не ўпісваецца ні ў адзін канон двухбаковых адносін».

Анджэй Пачобут – адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце» – так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у «закліках да санкцый» і ў «распальванні сацыяльнай варожасці». КДБ РБ дадаў яго ў «Спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Палітвязню раней прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Гаворкі пра вызваленне Пачобута актывізаваліся ў Польшчы пасля маштабнага міжнароднага абмену зняволенымі паміж Захадам і РФ.

Паводле "Еўрарадыё"

нг