Беларуская Служба

Беларуска ў Італіі атрымала першы пашпарт замежніка без статусу міжнароднай абароны

08.09.2024 18:01
Дзяржаўны сцяг Італііjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Выдатная навіна! Спадзяемся, гэта стане практыкай, а не выключэннем», - паведамляе тэлеграм-канал Народнай амбасады Беларусі ў Італіі.

На гэтым тыдні беларуска без статусу міжнароднай абароны атрымала пашпарт замежніка. Гэта першы вядомы такі выпадак, паведамляе «Свабода».

Адбылося гэта, у тым ліку, дзякуючы Народнай амбасадзе Беларусі ў Італіі, якая раней падрыхтавала інструкцыі і спіс дакументаў, як абгрунтаваць свой запыт на атрыманне пашпарту замежніка без статусу міжнароднай абароны.

У Італіі выдачу праязнога дакументу для іншаземцаў рэгулюе Артыкул 24 заканадаўчага дэкрэту 251/2007. Паводле яго, праязны дакумент выдаюць іншаземцам, якія маюць статус дадатковай абароны (форма міжнароднай абароны асобаў, якія шукаюць прытулку, але не прызнаныя ўцекачамі), прычым умова яго атрымання - важкія прычыны, якія не дазваляюць уладальніку статусу дадатковай абароны запытаць пашпарт у дыпламатычных органах краіны грамадзянства.



«Мы маем першы прэцэдэнт атрымання гэтага дакумента! Выдатная навіна! Спадзяемся, гэта стане практыкай, а не выключэннем», - паведамляе тэлеграм-канал Народнай амбасады Беларусі ў Італіі.

Першы выпадак атрымання пашпарту замежніка беларусам зафіксавалі ў сакавіку 2024 года Славеніі. У 9-гадовага беларуса пашпарт канчаўся ў чэрвені 2024 году, бацькі звярнуліся для хлопца па пашпарт замежніка — і атрымалі адмову. Аднак дзякуючы намаганням Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі дзіцяці ўсё ж выдалі пашпарт замежніка тэрмінам на 2 гады.

аз