Былы рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч, якога прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі, а пазней памілавалі, паляцеў з Беларусі ў Дубай. Пра гэта стала вядома падчас сумеснага стрыму прапагандыстаў Людмілы Гладкай і Канстанціна Прыдыбайлы.
За мяжу Пратасевіч паляцеў самалётам «Белавія».
Прапагандыстка Гладкая спытала, як Пратасевіча выпусцілі з Беларусі, бо раней суд абавязаў яго ў салідарным парадку з іншымі фігурантамі справы NEXTA Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам выплаціць 24,5 мільёны рублёў шкоды.
- Справа ў тым, што я яшчэ некаторы час таму падаў апеляцыю і мне адмянілі гэты штраф. Усё сапраўды, усё законна. Гэта была афіцыйная працэдура, гэта была апеляцыя, гэта былі асобныя судовыя пасяджэнні. Ну і я, як мне здаецца, прывёў дастатковую колькасць аргументаў для таго, каб вось гэты вось велізарны, нават астранамічны штраф адмянілі, - патлумачыў Пратасевіч, дадаўшы, што да вылету павінен быў выплаціць толькі 3 тысячы рублёў па лініі падатковай - гэтую суму ён пагасіў.
Пратасевіч таксама распавёў, што тры апошнія месяцы працуе зваршчыкам на прадпрыемстве са сферы энергетыкі.
Рамана Пратасевіча – былога рэдактара тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» затрымалі 23 траўня 2021 года, калі самалёт, на якім ён ляцеў з Афін у Вільню, прымусова пасадзілі ў Мінску.
Крыніца: «Зеркало»/юл