Беларуская Служба

Беларускі Дар'я Афанасьева, Ірына Альхоўка і Юлія Міцкевіч атрымаюць Жаночую прэмію імя Ганны Кляйн

10.12.2024 15:30
Беларускія феміністкі і абаронцы правоў жанчын Дар'я Афанасьева, Ірына Альхоўка і Юлія Міцкевіч атрымаюць Жаночую прэмію імя Ганны Кляйн 2025 года
       ,            2025 .
Беларускія феміністкі і абаронцы правоў жанчын Дар'я Афанасьева, Ірына Альхоўка і Юлія Міцкевіч атрымаюць Жаночую прэмію імя Ганны Кляйн 2025 года.boell.de

Праваабаронца, абаронца правоў жанчын Ірына Альхоўка, феміністка-блогерка Дар'я Афанасьева і фем-актывістка, палітык Юлія Міцкевіч вымушаныя працягваць сваю дзейнасць на карысць гендарнай роўнасці і дэмакратыі ў выгнанні, гаворыцца ад імя аргкаміэта Прэміі імя Ганны Кляйн.

У абгрунтаванні журы апісваецца прафесійны шлях жанчын.

Ірына Альхоўка была ў 1996 годзе адной з першых выпускніц толькі што заснаванага курса гендарных даследаванняў на факультэце сацыялогіі дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. У тым жа годзе яна была абраная старшынёй грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын» (БАМХЖ) і пачала працаваць супраць гандлю жанчынамі з Беларусі ў Заходнюю Еўропу.

У 2002 годзе Ірына заснавала грамадскае аб'яднанне «Ла Страда Беларусь» у супрацоўніцтве з Еўрапейскай сеткай па барацьбе з гандлем людзьмі «Ла Страда». У якасці яго кіраўніцы Ірына выступала за стварэнне шырокіх праграм прафілактыкі і структур абароны для пацярпелых у аўтакратычнай Беларусі. Акрамя таго, яна ініцыяла круглыя сталы з уладамі і абаронцамі правоў жанчын па барацьбе з гандлем людзьмі ў Беларусі і ўмацаванні правоў пацярпелых. У 2010 годзе Ірына таксама стварыла беларускую грамадскую арганізацыю «Гендарныя перспектывы». Яе мэтай было прасоўванне гендарнай дэмакратыі ў Беларусі і распрацоўка праграм падтрымкі тых, хто пацярпеў ад гендарнага гвалту. Абедзве НДА цяпер забароненыя ў Беларусі.

Дар'я Афанасьева — адна з нямногіх блогерак-феміністак з вялікім ахопам у Беларусі, мае больш за 10 000 падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Пад імем «Дафна» яна вядзе блог на такія тэмы, як сэксізм і фемінісцкая літаратура, а таксама тлумачыць фемінісцкія тэорыі шырокай беларускай грамадскасці.

У выніку пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і ўзмацнення рэпрэсій супраць дэмакратычных сілаў Дар’ю асудзілі на 2,5 гады калоніі. У сакавіку 2024 года Дар'я выйшла на волю, цяпер жыве ў Польшчы.

Журналістка па прафесіі Юлія Міцкевіч ужо 25 гадоў займаецца феміністычнай, палітычнай і грамадзянскай дзейнасцю. Пасля сфальсіфікаваных Лукашэнкам выбараў 2020 года яна заснавала Фемгрупу, каб унесці феміністычную перспектыву ў дзейнасць Каардынацыйнай рады, якая аб'ядноўвае розныя сілы беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Такім чынам, яна імкнулася зрабіць магчымым і забяспечыць палітычны ўдзел жанчын на ўсіх узроўнях і разам са сваімі калегамі і каляжанкамі дамаглася ўвядзення жаночай квоты на першых выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе.

«Юлія, Ірына і Дар'я прадстаўляюць і аб'ядноўваюць розныя пакаленні жаночай палітычнай дзейнасці праз разнастайныя формы палітычнай актыўнасці... Дар'я, Ірына і Юлія ўвасабляюць асаблівую ролю жанчын у пратэстах з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года», адзначаюць арганізатары Прэміі.

Уручэнне Жаночай прэміі імя Ганны Кляйн 2025 года мае на мэце праявіць салідарнасць з   беларускамі і беларусамі, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі, і выказаць павагу за працяг грамадскай дзейнасці траіх лаўрэатак на карысць свабоднай і гендарна роўнай Беларусі ў дэмакратычнай Еўропе.

У склад журы Жаночай прэміі імя Ганны Кляйн уваходзяць:

  • Доктар Імэ Шольц, сябра праўлення Фонду імя Генрыха Бёля,старшыня журы
  • Рэнатэ Кюнаст, дэпутатка Бундэстага ад партыі «Саюз 90-х/ Зялёныя»
  • Сільвія Лёрманн, былая дзяржаўная міністарка
  • Прафесар д-р Міхаэле Шраер, былая віцэ-прэзідэнтка сеткі Еўрапейскага руху ў Нямеччыне
  • Юта Вагнер, юрыстка, былая прэзідэнтка Нямецкай асацыяцыі жанчын-юрыстаў

вх