Санкцыі і аднабаковыя прымусовыя меры — гэта фактары, якія ў істотнай меры перашкаджаюць умацаванню эканамічнай і экалагічнай бяспекі, тармозяць эканамічны рост і ўстойлівае развіццё ў рэгіёне АБСЕ, заявіў член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо 20 лютага.
Па сцвярджэнні Румо, у апошнія гады Беларусь «падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму масіраванаму знешняму ціску з ужываннем шырокага спектру дыскрымінацыйных мер», пры гэтым Мінск прытрымліваецца пазіцыі, што санкцыі незаконныя з пункту гледжання міжнароднага права і Статута ААН.
«Беларусь яшчэ раз звяртае ўвагу і заклікае дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ адмовіцца ад выкарыстання аднабаковых прымусовых мер, якія супярэчаць яе духу і прынцыпам. Мінск разглядае ўзаемапаважлівы дыялог як адзіны шлях для збліжэння пазіцый і пошуку сумесных рашэнняў праблем, якія ўзнікаюць», — цытуюць Румо дзяржСМІ.
Спікер таксама дадаў, што «мэты прывядзення эканомікі Беларусі да калапсу санкцыі не дасягнулі»: «ВУП Беларусі расце, мы дыверсіфікуем наш экспарт, устойліва рушым па шляху імпартазамяшчэння і забеспячэння тэхналагічнай незалежнасці».
«Разам з тым прызнаем, што без санкцыяў нашае эканамічнае развіццё было б больш дынамічным. Гэтак жа зразумела, што з-за рэстрыкцыяў пакутуюць і самі еўрапейцы», - сцвярджае ён.
Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў ПА АБСЕ прымае ўдзел у 24-м зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў Вене.
У мінулым годзе беларускай дэлегацыі было адмоўлена ва ўездзе ў Румынію, дзе праходзіла 31-я штогадовая сесія ПА АБСЕ (29 чэрвеня - 3 ліпеня).
Позірк/ав