Венгрыя хоча заблакаваць падаўжэнне еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі і Расіі. Пра гэта ў Вашынгтоне заявіў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта, паведамляе euroradio, спасылаючыся на HirTV. Пытанне павінна абмяркоўвацца на пасяджэнні Рады ЕС 24 лютага.
Петэр Сіярта паведаміў, што многія еўрапейскія палітыкі хочуць працягу вайны і штурхаюць у гэтым кірунку ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Таксама ён сказаў, што венгерскія ўлады адчуваюць моцны ціск для падаўжэння санкцый, накіраваных супраць Беларусі і Расіі. Тэрмін дзеяння цяперашніх санкцый заканчваецца 15 сакавіка, а рашэнне аб іх падаўжэнні трэба прыняць да 10 сакавіка. Сіярта дадаў, што Венгрыя 24 лютага не пагодзіцца на паўгода падоўжыць санкцыі супраць грамадзян Беларусі і Расіі.
На думку кіраўніка венгерскай дыпламатыі, да 10 сакавіка яшчэ ёсць час і яго трэба выкарыстаць для амерыкана-расійскіх перамоваў. Сіярта заклікаў пазбягаць рашэнняў, якія могуць перашкодзіць паспяховаму выніку гэтых перамоваў.
Акрамя таго, Венгрыя выступіла супраць прапанаванага ЕС пакета дапамогі для Украіны ў памеры 20 мільярдаў еўра. Прычынай назвалі тое, што гэтыя грошы накіраваныя на ўмацаванне пазіцыі Кіева на перамовах, а не на дасягненне міру.
Еўрасаюз падаўжае санкцыі супраць Расіі кожныя шэсць месяцаў, для гэтай пастановы патрабуецца падтрымка ўсіх краін-удзельніц.
эж