У рэкамендацыях Камітэт закрануў пытанні адсутнасці ў Беларусі ўсёабдымнага закона аб гендарнай роўнасці, антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і Нацыянальнага праваабарончага інстытута, выказаўся аб сур'ёзных рэпрэсіях у дачыненні да абаронцаў правоў жанчын, палітычных актывістак і журналістак і аб бесчалавечных умовах утрымання пад вартай жанчын, а таксама заклікаў перагледзець крымінальныя справы і вызваліць усіх жанчын, што знаходзяцца ў зняволенні, чыё заключэнне ўяўляе непасрэдную пагрозу іх здароўю або жыццю, з гуманітарных меркаванняў.
Камітэт выказаў занепакоенасць тым, што Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын да гэтага часу не была непасрэдна ўжытая або згаданая ў судовых разглядах, а таксама адсутнічаюць даныя аб выпадках, калі жанчыны спасылаліся б на свае правы на не дыскрымінацыю і роўнасць у адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі або адпаведным нацыянальным заканадаўствам.
"Гэта паказвае на нізкі ўзровень дасведчанасці сярод судовых органаў, юрыстаў і саміх жанчын аб правах жанчын, замацаваных у Канвенцыі, і працэдурах, прадугледжаных Факультатыўным пратаколам", — адзначыў Камітэт.
Камітэт рэкамендаваў Беларусі забяспечыць поўны пераклад Канвенцыі на ўсе нацыянальныя мовы, яе інтэграцыю ў нацыянальнае заканадаўства і актыўны ўжытак у судовай практыцы.
Вясна/ав