У 2024 годзе 112,4 тысячы беларусаў выязджалі працаваць за мяжу. Гэта на 1,9% больш, чым у 2023-м, паведамляе belsat.eu, спасылаючыся на Белстат.
Паводле афіцыйных звестак, прыведзеных у даследаванні хатніх гаспадарак адносна праблем занятасці, большасць беларусаў, якія летась з'язджалі на заробкі за мяжу, — 64,2% — ехалі ў Расію.
Пры гэтым Упраўленне сацыяльнага страхавання Польшчы нядаўна паведаміла, што ў краіне павялічваецца колькасць афіцыйных працаўнікоў з Беларусі, хоць агулам тэмпы росту моцна запаволіліся. На канец 2024 году ў Польшчы афіцыйна працавалі 134 900 беларусаў, што на 5500 чалавек больш, чым у 2023-м. Але статыстыка ўлічвае толькі тых, хто ахоплены пенсійным страхаваннем. У Польшчы вельмі шмат беларусаў, якія працуюць неафіцыйна.
Прырост беларускіх працаўнікоў у Польшчы ў 2024 годзе быў самым нізкім за апошнія гады з прычыны запаволення палітычнай эміграцыі з Беларусі і праз узмацненне жорсткасці польскай візавай палітыкі.
эж