Беларуская Служба

У Рыме праходзіць сустрэча альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь»

06.03.2025 15:10
Удзельнік сустрэчы Анатоль Лябедзка кажа, што «галоўная задача форума — трымаць беларускае пытанне ў міжнародным парадку дня».
РымManne1409/pixabay.com/CC0 Public Domain

6-7 сакавіка ў Рыме праходзіць сустрэча альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь».

У форуме бяруць удзел прадстаўнікі парламентаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, беларускія эксперты і праваабаронцы, прадстаўнікі «народных амбасадаў». Сустрэча праходзіць у будынку італьянскага парламента ў Рыме, паведамляе «Свабода».



«Цяпер у альянсе 23 групы, але пасля нядаўняй паездкі ў Албанію, у Тырану, там таксама запушчаны працэс стварэння такой групы і ў любы дзень яны могуць абвесціць, што і там пачала дзейнічаць група «За дэмакратычную Беларусь». Таму і кажу, што колькасць увесь час будзе мяняцца», — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкаму супрацоўніцтву і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзка.

Паводле яго, асноўная задача альянсу - трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня.

Гэта ўжо другая сустрэча прадстаўнікоў альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь». Першая адбылася ў лістападзе 2023 годa ў Берліне.

Парламенцкія групы «За дэмакратычную Беларусь», якія супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, летась аб’ядналіся ў Альянс і на пачатак 2024 года аб’ядноўвалі дэлегацыю па Беларусі Еўрапарламента і нацыянальныя парламенты 24 краінаў: Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Грузіі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нарвегіі, Германіі, Партугаліі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі.

аз