Беларуская Служба

Праект па стварэнні беларускага порта ў Расіі адкладзены па фінансавых прычынах

11.03.2025 14:40
Порт у Прыморʼя неабходны беларускаму боку як важны пункт на транзітным шляху ў Кітай. 
. .
Порт. Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com/GDJ

Аб гэтым паведаміў кіраўнік Прыморскага краю Расіі Алег Кажамяка па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе Свабода.

У час папярэдніх візітаў кіраўніка расійскага рэгіёну ў Мінск паведамлялася аб намеры стварэння ў Прыморʼі сумеснага порта з удзелам расійскага, беларускага і кітайскага бакоў.

«Мы тыя праекты па порце нікуды не прыбіраем. Мы іх адклалі, таму што рэальнасць цяпер — гэта высокая банкаўская стаўка (ключавая стаўка Цэнтрабанка Расіі на ўзроўні 21 працэнта гадавых), якая, безумоўна, ляжа на інфраструктуру, кошт транзіту», — сказаў Алег Кажамяка.

Раней улады паведамлялі, што порт у Прыморʼя неабходны беларускаму боку як важны пункт на транзітным шляху ў Кітай. У пачатку 2024 года ў Прыморʼі пабывала каманда спецыялістаў з Беларусі, якія маюць вопыт у рэалізацыі партовых праектаў.

Пасля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну, Беларусь страціла магчымасці пастаўляць сваю прадукцыю на знешнія рынкі праз марскія парты Украіны і Літвы.
У верасні 2022 года Беларусь і Расія падпісалі міжурадавае пагадненне аб транзіце беларускіх грузаў праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Дакумент забяспечвае стварэнне альтэрнатыўных маршрутаў пастаўкі экспартнай прадукцыі, як праз марскія порты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру.

Адначасова бакі дамовіліся аб будаўніцтве для перавалкі беларускай прадукцыі партоў.

У жніўні 2022 году Лукашэнка заявіў, што Беларусі «выпаў добры шанец» стварыць уласную партовую інфраструктуру на тэрыторыі Паўночна-Заходняга рэгіёну РФ. Пазней тагачасны прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Мінск і Масква «ствараюць новыя транспартна-лагістычныя ланцужкі».

Дамову пра будаўніцтва беларускага порта ў Мурманску падпісалі ў красавіку 2024 году і запланавалі яго да ўводу ў 2028 годзе. Беларусь таксама шукае пляцоўку для будаўніцтва порту ў Ленінградскай вобласці Расіі. Аднак пакуль бакі не паведамлялі аб пачатку будаўніцтва прыпартовай інфраструктуры для Беларусі.

нг