Беларуская Служба

Урад Беларусі скараціў амаль на траціну пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава

03.04.2025 13:01
Паводле прэс-службы ўраду, з пераліку выключаныя «тавары непаўсядзённага попыту альбо прэміюм-клaсa».
Здымак мае ілюстрацыйны характарPhoto:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

3 красавіка ўрад Беларусі апублікаваў пастанову № 713(6), якая ўносіць змены ў парадак цанавога рэгулявання на найбольш значныя для насельніцтва тавары. Пералік такіх тавараў зменшаны з 331 да 211, паведамляе «Свабода».

Паводле прэс-службы ўраду, з пераліку выключаныя «тавары непаўсядзённага попыту альбо прэміюм-клaсa». Для вытворцаў тавараў паўсядзённага попыту ўстанавілі «гранічную норму рэнтабельнасці», якая па гэтым тавары не павінна быць большай, чым у мінулыя гады.

Як патлумачылі ў прэс-службе Савета міністраў Беларусі, «асноўны прынцып гранічнай нормы рэнтабельнасці — падтрымка вытворцаў». На самой справе гэта азначае, што вытворца не можа павысіць цану, каб не пераўзысці вызначаны для яго ўзровень рэнтабельнасці, нават калі на тавар ёсць попыт і яго можна прадаць даражэй.

«Дакументам таксама замацоўваецца пералік затрат, якія забаронена ўключаць у сабекошт, і ўстанаўліваецца адзіная надбаўка на імпартную прадукцыю незалежна ад колькасці пасярэднікаў у пастаўцы тавара ад мяжы да паліцы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Урад такім чынам хоча стрымаць інфляцыю.

Для 211 таварных пазіцыяў апублікаваныя гранічныя надбаўкі імпарцёра і аптовыя і рознічныя гандлёвыя надбаўкі. У пералік уваходзяць мяса, рыба, кансервы, малочныя прадукты, напоі, садавіна і гародніна, дзіцячыя тавары, побытавая хімія, адзенне і абутак. Усе тавары — з самага простага спажывецкага кошыка, напрыклад, з касметычных сродкаў — толькі мыла і шампуні, з мэблі — толькі мэбля для кухні, канапы і шафы.

Асноўныя змены набываюць сілу пасля афіцыйнага апублікавання пастановы, а нормы, якія датычацца скарачэння пераліку рэгуляваных тавараў і парадку цэнаўтварэння на тавары, што імпартуюць, - з 15 красавіка 2025 года.

аз