Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі звярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятывай уключыць беларускіх палітвязняў у абменныя спісы.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук накіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных спраў Украіны і да Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.
Яны падкрэслілі, што пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзян Беларусі выступілі з адкрытай падтрымкай украінскага боку – удзельнічалі ў пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.
«Рэжым Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Крамля, жорстка пераследуе любыя праявы салідарнасці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачваннях», – адзначаецца ў лістах.
Прадстаўнікі кабінета прапанавалі Украіне скарыстаць дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў усе даступныя дыпламатычныя і міжнародныя механізмы.
«Заклікаем Украіну разгледзець гэтыя прапановы і выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў, якія падтрымліваюць Украіну», – гаворыцца ў звароце.
Такі крок, паводле аўтараў, не толькі падкрэсліць імідж Украіны як дзяржавы, што абараняе правы чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя рухі, але і ўмацуе сувязі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, прадэманструе салідарнасць і аслабіць пазіцыі рэжыму Лукашэнкі.
Да ліста прыкладзены спіс беларускіх палітзняволеных, якія падтрымалі Украіну.
аз