Беларуская Служба

На Леаніда Судаленку ў Беларусі завочна заведзеныя тры новыя крымінальныя справы

30.04.2025 08:01
«Безумоўна, гэта палітычны пераслед, скіраваны на спробы схаваць праўду, запалохванне і ціск», - каментуе праваабаронца.
Леанід Судаленкаspring96.org

Леанід Судаленка паведаміў, што ў Беларусі супраць яго былі заведзеныя тры новыя крымінальныя справы паводле арт. 361-4 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна».



Як пералічае праваабаронца, 9 красавіка 2025 года была заведзена справа за стварэнне і публікацыю 28.05.2024 відэа «Вясна прыйдзе» на YouTube-канале «Viasna96». Яшчэ дзве справы ўзбудзілі 20 і 24 лютага 2025 года — за ўдзел у перадачы «Палітбомонд» (эфіры ад 20.09.2023 і 08.10.2024) на YouTube-канале «6TV Bielarus», які рашэннем старшыні КДБ ад 29.11.2023 г. прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

«Следчы паведаміў, што за гэтыя дзеянні я не прыцягваўся да адказнасці на тэрыторыі Літвы. Адкуль у беларускіх спецслужбаў такая інфармацыя - не тлумачаць», - напісаў Судаленка на сваім профілі ў Facebook.

Ён таксама паведамляе, што яго хадайніцтва аб допыце праз відэасувязь было адхілена. Беларускае заканадаўства, маўляў, не прадугледжвае магчымасці такога фармату допыту для падазраваных.

«Мне прапанавана з’явіцца ў Следчы камітэт да 5 мая. Пасля гэтага нібыта будзе вырашацца пытанне і аб выбранай меры стрымання», - дадае Судаленка.

Усе пастановы падпісаны капітанам юстыцыі Сямёнцавым І.В. і ўзгоднены начальнікам Гомельскага РАСК палкоўнікам юстыцыі Вараб’ёвым Д.Е. Копія таксама накіравана пракурору Гомельскага раёна Аляксандру Шынкарову.

Па тым жа эпізодзе з «Палітбомондам» крымінальная справа ўзбуджаная і супраць 74-гадовага в.а. старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Шанцава.

«Безумоўна, гэта палітычны пераслед, скіраваны на спробы схаваць праўду, запалохванне і ціск», - напісаў Леанід Судаленка на сваім профілі ў Facebook.

Былога палітвязня Леаніда Судаленку ў лістападзе 2021 года асудзілі на 3 гады зняволення за тое, што ён дапамагаў рэпрэсаваным і іх сем'ям. Праваабаронца выйшаў на волю ў ліпені 2023 года, цалкам адбыўшы свой тэрмін, і праз два тыдні пакінуў Беларусь.

Мінулым летам у Гомелі аб'явілі завочны прысуд Леаніду Судаленку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і вялізны штраф — 26 тысяч рублёў.

аз

Прадстаўнікі BelPol пазнаёмілі МЗС Германіі з бягучай сітуацыяй у Беларусі

07.04.2025 12:02
Падчас брыфінгу прадстаўнікі былых беларускіх сілавікоў звярнулі ўвагу на ўзмацненне рэпрэсій і пагрозы рэгіянальнай бяспецы з боку афіцыйнага Мінска.