Сусветная кааліцыя медыяарганізацый One Free Press Coalition 1 траўня апублікавала штогадовы спіс «10 самых надзвычайных» (10 Most Urgent) з імёнамі зняволеных па ўсім свеце журналістаў, якія патрабуюць неадкладнага вызвалення. Сярод іх — журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік, які знаходзіцца за кратамі амаль пяць гадоў.
«Спіс «10 самых надзвычайных» звяртае ўвагу на лёс журналістаў, якія апынуліся за кратамі за імкненне гаварыць праўду. Гэтыя дзесяць выпадкаў адлюстроўваюць і спробы ўрадаў крыміналізаваць журналістыку, задушыць незалежныя медыя і ўтаіць інфармацыю ад грамадскасці», - чытаем у каментары One Free Press Coalition.
Апроч Ігара Лосіка ў спісе фігуруе Уладзіслаў Есіпенка, карэспандэнт праекту «Крим.Реаліï» Украінскай службы Радыё Свабода, які ўжо чатыры гады знаходзіцца ў расійскім зняволенні. Апроч іх у спісе згадваюцца журналісты з Ганконгу, М’янмы, Філіпінаў, В'етнаму, Азербайджану, Кітаю, Кіргізстану і Турцыі.
Спіс «10 самых надзвычайных» — вынік супрацы кааліцыі з «Камітэтам абароны журналістаў» (CPJ), «Міжнародным фондам жаночых медыя» (IWMF) і «Рэпарцёрамі без межаў» (RSF).
Паводле дадзеных «Камітэта абароны журналістаў», на канец 2024 года па ўсім свеце за кратамі знаходзіўся 361 журналіст (для параўнання: 320 у 2023 годзе).
аз